ДОСВЕД
Дзікая любоў

Як любоў да птушак і каханне да важака ваўкоў прывялі дзяўчыну жыць у лес

Маляўнічая вёска, куды мы кіруемся, знаходзіцца наўпрост у лесе ў Расонскім раёне, на самай поўначы Беларусі ў пары кіламетрах ад расійскай мяжы. Шлях няблізкі. Цямнее. Быццам кантрабандысты, мы цягнемся па лясной дарозе амаль навобмацак. Наперадзе праз дрэвы мільгаціць запаветны ліхтар, які служыць нам маяком. Нарэшце нас сустракае гаспадыня сядзібы Настасся Кузьмянкова, частуе дранікамі, гарбатай з лясных зёлак ды адпраўляе адпачываць, бо заўтра нас чакае ранні пад'ём і вельмі насычаная праграма.

Настасся Кузьмянкова, фота Яны Ганчаровай
Прачынаемся ад гучнага шчабятання птушак, якому акампануюць грымоты далёкай навальніцы. Гаспадыня ўжо на падворку. Раніца ў яе пачалася не з кавы, а з прагляду сетак. Не, не сацыяльных, а сетак для лову птушак – бо мы знаходзімся на станцыі кальцавання птушак "Сасновы Бор", якая месціцца на базе экасядзібы "Заимка Лешего". Мы далучаемся да прагляду сетак, у адну з якіх трапілася першая птушка. Настасся асцярожна разблытвае сетку, дастае птушку і нясе яе ў адмысловым мяшэчку з тканіны ў кальцавальню, дзе робіць агляд: мерае даўжыню хваста і крылаў, заносіць дадзеныя ў спецыяльныя табліцы, замацоўвае кальцо на лапу птушцы і выпускае яе.

– Нашая станцыя кальцавання спецыялізуецца па дробных вераб'іных. Працуем мы тут ужо чацвёрты год і за гэты час акальцавалі ўжо каля 20 тысяч птушак.
У залежнасці ад сезону ў сеткі трапляецца да 300 птушак за дзень, – дзеліцца поспехамі Настасся.
Ды распавядае, што яе заўсёды цягнула да прыроды, таму і вучыцца пайшла на біялагічны факультэт БДУ. Падчас вучобы бывала ў розных экспедыцыях на прыродзе, пасля якіх вяртанне ў Мінск давалася усё цяжэй.

Фота Яны Ганчаровай
– У пэўны час я вельмі зацікавілася птушкамі і марыла навучыцца іх кальцаваць. І вось аднойчы адзін з заснавальнікаў гэтай станцыі, арнітолаг Дзяніс Кіцель, ажыццявіў маю мару – прывёз мяне сюды. Гэтая справа мяне захапіла. Да таго ж тут я пазнаёмілася з Дзімам, будучым мужам, які ўжо жыў у гэтым месцы некалькі год. І ў выніку я засталася. Вось ужо два гады тут, і ні разу не пашкадавала. Цяпер заканчваю дысертацыю па арніталагічнай тэматыцы.
А Мінск добры тым, што з яго можна з'ехаць, – жартуе Настасся.
Фота Яны Ганчаровай
Птушкі – не адзіная жарсць гаспадароў сядзібы. Настасся вядзе нас пазнаёміцца з незвычайнымі гадаванцамі. Мы падыходзім да вальераў, у якіх за хмызамі заўважна нейкае ажыўленне. Раптам да самай агароджы падскокваюць самыя сапраўдныя воўкі, якія дружалюбна машуць хвастамі ды ліжуць рукі гаспадыні.

– Гэта стары воўк, яго выхаваннем займаецца Дзіма. Тыя два, што знаходзяцца ў суседнім вальеры, маладыя. Мы бралі іх сляпымі, гадавала і выхоўвала іх я, – распавядае Настасся, пачэсваючы шэрага зубастага сябра.

Фота Яны Ганчаровай
Гаспадар сядзібы і муж Настассі Дзмітрый Шамовіч ужо даўно працуе з ваўкамі. Больш за 10 гадоў таму ўзяў першых звяроў, выхадзіў іх і ў прамым значэнні слова стаў іх важаком. Інакш – воўкі не будуць падпарадкоўвацца чалавеку.
Вось і Дзмітрый, як сапраўдны воўк, не любіць быць навідавоку, не мае акаўнтаў у сацыяльных сетках, і мы нават не пабачылі яго за ўвесь час, што правялі на сядзібе.
Прыручаныя ваўкі здымаюцца ў навуковым дакументальным кіно. Многія замежнікі прыязджаюць, каб сфатаграфаваць ваўкоў у дзікай прыродзе. Сапраўды дзікіх драпежнікаў злавіць у аб'ектыве амаль нерэальна.

Фота Яны Ганчаровай
Па словах Настассі, мясцовая паляўнічая гаспадарка спрыяе знішчэнню папуляцыі ваўкоў, плацячы вялікія грошы за здабытага звера паляўнічым.
Спасылаюцца на тое, што ваўкі нібы рэжуць усіх ланяў, якіх сюды завезлі для палявання.

– Выходзіць, што ўладальнікі паляўнічай гаспадаркі спрабуюць выкрэсліць ваўкоў з існуючай экасістэмы, а гэта дарма, бо як вядома – ваўкі санітары леса, – з сумам дзеліцца перажываннямі дзяўчына.

Фота Яны Ганчаровай
Асноўны прыбытак Настассі і Дзмітрыя – экалагічны турызм.

– Фотатуры ды туры па назіранню за птушкамі карыстаюцца добрым попытам у замежных турыстаў, але наведваюць нас і мясцовыя бёрдвочэры. Мы не толькі распавядаем пра птушак, паказваем ваўкоў, але і знаёмім турыстаў з рознымі экасістэмамі, якія знаходзяцца непадалёк, – тлумачыць Настасся, гатуючы абед для чарговай групы турыстаў, якія прыехалі сюды з Мінску.

– Акрамя экатурызму, невялікі даход прыносіць навуковая дзейнасць – часам аплочваюцца нейкія экалагічныя ці арніталагічныя навуковыя праекты, у якіх мы ўдзельнічаем.
Збольшага, ўсе выдаткі на дзейнасць кальцавальнай станцыі мы пакрываем за свой кошт.
Але сеткі, кольцы для птушак, іншы спецыяльны рыштунак – усё гэта каштуе немалых грошай, таму мы ўсё ж вырашылі паспрабаваць сабраць пэўную суму на дзейнасць нашай станцыі праз краўдфандынг.
Фота Яны Ганчаровай
Мяркуючы па тым, як ідзе кампанія збору сродкаў, людзі гатовыя дамагаць. Але акрамя фінансавай падтрымкі гаспадарам вельмі патрэбная дапамога па гаспадарцы. Дзесяць гадоў таму Дзмітрый пачынаў усё з маленькай хаткі на ўскрайку закінутай вёскі. Цяпер гэтая хатка разраслася ва ўтульны дом з пакоямі для гасцей. Таму шмат высілкаў сыходзіць на розныя побытавыя справы.

– А хацелася б болей часу прысвячаць птушкам, таму на жнівень шукаем валанцёраў, – распавядае Настасся, прыбіраючы брудныя талеркі ў пасудамыйку, і мы едзем на верхавое балота.

На такой захапляльнай экскурсіі па балоце сапраўды варта пабываць. Настасся распавяла, як фармуецца балота, як расце сфагнум і лішайнікі. Мы даведаліся, што тым невялікім дрэўцам, якія стаяць у багне, не адзін дзесятак гадоў, а павольна растуць яны пад прыгнётам кіслага асяроддзя. Настасся навучыла нас адрозніваць птушак па голасе і па знешнім выглядзе.
Таксама мы атрымалі базавыя навыкі выжывання ў багне – пілі балотную ваду, елі вадзяніку і дурніцы.
На ўласным досведзе даведаліся, што такое мокрадзі (найбольш вільготнае і топкае месца ў балоце) і навучыліся іх праходзіць. Выглядаюць яны, як лужыны, але ёсць і схаваныя мокрадзі – іх можна заўважыць па больш зялёнай траве. Абыходзіць іх трэба па краі, як мага бліжэй да купінаў. Бачна, што Настасся наўпрост жыве гэтым усім.

Фота Яны Ганчаровай
Удосталь наскакаўшыся па балотных купінах, у прыемнай стоме мы вярнуліся ў сядзібу, дзе ў сетках нас чакалі птушкі. Гэтым разам мы зблізу раглядалі верцігалоўку і дубаноса. А тым, хто не паснуў пасля чатырохгадзіннага балотнага паходу, пашчасціла пабачыць вельмі рэдкую чырвонакніжную страказу – Cordulegaster boltonii.

Эмоцый ды ўражанняў было столькі, што здавалася, быццам мы былі на гэтай сядзібе не дзень, а як мінімум тыдзень. Калі вы цікавіцеся птушкамі ці ўвогуле прыродай, але не маеце магчымасці наведаць станцыю кальцавання «Сасновы Бор» фізічна, то гэта можна зрабіць онлайн – ад нядаўняга часу біёлагі публікуюць відэа з адлова і кальцавання птушак на старонцы сядзібы.
Аляксандр Любянчук
Расказаць сябрам
Чытайце таксама
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Made on
Tilda