«Самае цікавае пачынаецца, калі ўсе абжыліся»

ДОСВЕД
Як у адным пасяленні аб'ядналіся ідэі хіпаўскога Rainbow Gathering і наказы таямнічай Анастасіі – персанажа кніг Мегрэ

Расказаць сябрам
Ад трасы чатыры кіламетры грунтовая дарога павольна караскаецца ўверх ды заканчваецца амаль на самай высокай навакольнай кропцы, акурат перад домам Ратміра ды Эльгі. Свой хутар на Полаччыне яны назвалі "Гняздо Вятроў".

Са старых жыхароў у вёсцы засталося дзве сям'і. Новае жыццё сюды ўдыхнула група аднадумцаў, якія хацелі пабудаваць уласную прастору.

– Мы праехалі некалькі тысяч кіламетраў, прагледзелі шмат месцаў. Кожнаму адзнакі ставілі па адмысловай сістэме, параўноувалі, выбіралі.

– А потым трапілі сюды і адразу зразумелі – гэта нашае месца. Спадабалася, што тут горкі, лес, азёры. Ды цішыня, нікога няма. Пры гэтым – блізка ад трасы і маршруткі ў Мінск – кожную гадзіну. Месца мы абралі па сэрцу, – узгадвае Ратмір.

Зараз вёска на гары – маленькае экапаселішча з трох сем'яў. Калi Ратмір пачынаў пошук свайго "месца на зямлі", яны з Эльгай яшчэ не сустрэліся. Але ж пасля знаёмства высветлілася, што пару аб'ядноўвае жаданне жыць на прыродзе.

– Я ў восем гадоў сказала бацькам, што буду жыць у лесе і ў мяне там будуць коні, – узгадвае Эльга.

– А я з трох гадоў у паходах з бацькамі, з юнацтва жыў на ўскраіне Мінска, потым на лецішчы пад Мінскам. Такая паступовая міграцыя з гораду, – дадае Ратмір.
Эльга шмат гадоў займаецца верхавой яздой, а першую ўласную кабылу Пальміру бацькi падаравалі ёй на васямнаццацігоддзе. Сям'я тады пераехала ў прыгарад Мінска, ды Пальміра стала кропкай незвароту.

З такой "хатняй жывёлай" жыць у межах МКАД немагчыма.

Прыкладна тады ж Ратмір пачаў вывучаць тэму экапаселішчаў, каб стварыць уласнае. Актыўна ўдзельнічаў у міжнародным форуме стваральнікаў родавых сядзібаў ды ездзіў па пасяленнях, якія ўжо тады існавалі.

Родавыя сядзібы – адна з асноўных ідэяў руху "Звенящие кедры России", прыхільнікі якой з'яўляюцца паслядоўнікамі міфічнай жыхаркі тайгі Анастасіі, персанажа кніжак расійскага прадпрымальніка Уладзіміра Мегрэ. Паводле Анастасіі, родавая сядзіба – гэта ўчастак зямлі, не меншы за гектар, на якім сям'я можа пабудаваць свой дом, высадзіць лес, у тым ліку – кедры, ускапаць агарод ды шмат чаго іншага.

– Ува ўсіх паселішчах, дзе я быў, існавалі свае статуты – што ды як рабіць. Як дарогі арганізаваць, як дзіцячы побыт уладкаваць, як дамы будаваць. Увогуле, на ўсе пытанні былі адказы. Мы таксама вырашылі стварыць статут свайго паселішча. Збіраліся нашай невялічкай групай раз на тыдзень, абмяркоўвалі. Насмяяліся на дзесяць год наперад, – пасміхаецца Ратмір.

Статут гэты да сёння дзесьці ляжыць у Ратмiра, але хутка павінен прыйсці і яго час. А пакуль усе новыя жыхары вёскі на гары будуюць дамы ды ўладкоўваюць побыт.

– У першыя дзесяць гадоў усе думкі пра статуты, планы, мары губляюць сэнс. Гэты час зойме першапачатковае будаўніцтва.
– Дом, інфраструктура, сажалкі, усялякія агароды і гэтак далей. Проста не хапае на гэта часу, таму што кожная хвіліна ідзе на будоўлю ды на сям'ю, – дзеліцца досведам гаспадар.
За восем гадоў нашыя героі пабудавалі вялікую стайню з жылым паверхам. Цяпер побач з ёй расце новы двухпавярховы дом.

Стайню задумвалі як часовае жытло, але атрымалася вельмі зручная ды ўтульная прастора для дзевяці жыхароў. На першым паверсе жывуць тры коні, а на другім – Ратмір з Эльгай, тры коткі ды сабака Дракон. Амаль неверагодна, але усім хапае месца для нармальнага жыцця. Асабліва коням – для іх гаспадары зрабілі пашу на тры гектары.
Першыя восеньскія туманы на хутары. Відэа: Ратмір Новікаў
– Па досведзе іншых паселішчаў дакладна ведаю, што самае цікавае пачынаецца, калі ўсе абжыліся.
– Пасяленне становіцца больш сталым і сур'ёзным. З'яўляюцца агульныя святы, правілы і гэтак далей, – дзеліцца Ратмір.

Цікаўлюся, чаму Ратмір з Эльгай ды іх сябры вырашылі ствараць пасяленне менавіта паводле кнігаў Мегрэ, а не проста пераехаць у вёску.
– Калі прыбраць з ідэяў Мегрэ ўсю эзатэрыку, то можна пабачыць добры практычны складнік.
– Спадабалася, што ён апісаў цэласную экасістэму. Не тое, што у цябе ёсць дваццаць сотак пад домам і яшчэ паўгектары дзесьці пад агарод ды суседзі з усіх бакоў. Гэта той жа горад, толькі больш зямлі.

– У Мегрэ родавыя паселішчы утвараюць сімбіёз. Ёсць прыватная прастора, ёсць агульная, і яны ўзаемадзейнічаюць. Нам гэта падабаецца, бо мы добра адчуваем сабе ў калектыве і ў той жа час хочам мець прыватную прастору. Каб суседзяў не было бачна і чутна, – кажуць Ратмір і Эльга.
Жаданне жыць у такім экапаселішчы Ратмір умацаваў на штогадовых беларускіх Вясёлках (Rainbow Gathering). Гэта сусветная традыцыя збору людзей, якія падтрымліваюць ідэалы міра, любові, гармоніі, свабоды ды супрацы. Вясёлка існуе як альтэрнатыва спажывальніцтву ды капіталізму і сыходзіць сваімі каранямі ў контркультуру руху хіпі 1960-х гадоў. Ратмір – адзін з рухавікоў беларускіх Вясёлак.

– Мне прыйшлася да сэрца ідэя сустракацца без грошай і без палітыкі.
– Мне проста падабаецца ідэя Rainbow Gathering, падабаецца так жыць. У экапаселішчах я знайшоў форму для гэтай ідэі: можна жыць разам, можна ўзаемадзейнічаць і падтрымліваць адно аднаго.
– Разам лепей, разам болей і цікавей атрымаецца! Вясёлка – гэта калі чалавек ставіцца да усіх людзей, як да родных. Паводзіць сябе з імі адпаведна: клапоціцца пра іх, паважае і без карыслівасці. Мне падабаецца так жыць, не канкураваць, а дапамагаць адно аднаму. І гэта ёсць у экапасяленнях.
Rainbow Gathering. Фота http://listen.sdpb.org
Гаспадары кажуць, што не пашкадавалі пра сваё рашэнне пераехаць на хутар. Зразумела, да гіпермаркету трэба ехаць не пяць хвілін, а сорак. Затое ёсць магчымасць зрабіць сабе перапынак у працы ды пайсці на гадзінку па грыбы ці на возера, альбо зладзіць конную вандроўку, проста калі з'явілася жаданне.

Калі я зранку завітаў на гарбату, Эльга акурат гатавала сняданак для гасцей. Побач Ратмір гучна па-ангельску абмяркоўкоўваў стан праекту праз скайп. Яшчэ не было дзевяці раніцы, а ў яго пачалася напружаная праца. Калі я заходзіў а сёмай вечара, Ратмір усё яшчэ сядзеў на сваім адмысловым крэсле для праграмістаў ды каардынаваў працу каманды распрацоўнікаў.

Ён працуе праектным мэнэджэрам у буйной аўтсорсінгавай кампаніі. Цяпер ён вядзе тры праекты, на якія трэба выдаткоўваць 8-10 гадзінаў штодня. Чалавека з такім графікам вельмі цяжка назваць даўншыфтарам. Хутчэй наадварот.
– Я уключыў больш высокую перадачу, калі мы пераехалі ў вёску. Тэмп жыцця значна паскорыўся.
Трэба працаваць, сачыць за гаспадаркай, займацца будаўніцтвам дома ды рабіць сотню іншых справаў, – кажа Ратмір. І дадае:

– У будучыні я планую скараціць колькасць працы, перайсці на шасцігадзінны працоўны дзень. Але толькі, калі дабудую дом.
Пакуль Ратмір руліць праектамі у адной палове дома, Эльга знаходзіць час на мастацкую працу ў іншай. У некалькіх месцах пакоя сохнуць палотны, над якімі гаспадыня цяпер працуе.

– Я малюю з дзяцінства. Гэта мой способ адпачынку, таму жывапіс як прафесію доўгі час не разглядала. У вёсцы з'явілася больш натхнення: дрэвы, жывёлы, краявіды дапамагаюць ствараць вобразы.

Натхненне ператвараецца ў гатовыя палотны амаль "канвеерным" спосабам. Адно за адным палотны трапляюць на мальберт, атрымоўваюць новыя дэталі ды адпраўляюцца сохнуць. Такую тэхніку абрала Эльга.

– Па прафесіі я ветэрынар, а маляваць вучылася на практыцы. Каб развівацца далей, наведваю майстар-класы, ужывую ды анлайн. Часам праводжу свае ўрокі.

Працы Эльгі амаль бесперапынна вандруюць з адной персанальнай выставы на іншую. Таксама выйшаў каляндар ды паштоўкі з яе сюжэтамі.

Акрамя таго ў гэтым незвычайным доме нараджаюцца казкі. Свой фантастычны свет Эльга не толькі кладзе на палотны, але і запісвае словамі. Ужо выйшлі два зборнікі яе твораў, ды хутка надрукуюць трэці. Яшчэ ёсць іллюстрацыі да кніг іншых аўтараў, галерэі замаўляюць новыя карціны.
Калі Эльга сядзіць за мальбертам, котка Рыська важна заходзіць і кладзецца пасярод пакоя. Сітуацыя пачынае быць максімальна ўтульнай. У гэты момант жыццё нашых герояў падаецца марай наяве. Здаецца, у Ратміра і Эльгі ўсё проста ідэальна: казачнае месца, прафесійная рэалізацыя, каханне. Але гаспадыня пасміхаецца:

– Для поўнага шчасця не хапае толькі нармалёвага душа ды пральнай машыны.

А з гэтым, здаецца, праблемаў не будзе. У гэты момант Ратмір акурат працаваў на будоўлі новага дома, дзе па плане будзе і душ, і пральная машына.
Расказаць сябрам
Валянцін Міхальцоў
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda