Матолька сустрэўся з даўншыфтарамі Валожыншчыны
ПАДЗЕІ
Актывіст Антон Матолька параіў не баяцца пісаць чыноўнікам і сябраваць з дэпутатамі

Расказаць сябрам
Валожыншчына – адзін з самых густанаселеных даўншыфтарамі раёнаў Беларусі. У адным з пасяленняў, якое аб'ядноўвае новых жыхароў вёсак Кашчэлічы, Лохаўшчына, Лоск, Малое і Вялікае Запруддзе, адбылася сустрэча з актывістам і блогерам, змагаром за паляпшэнне гарадской прасторы, а цяпер і вясковай Антонам Матолькам.
Антон Матолька
Перад сустрэчай удзельнікі былі заўважна ўсхваляваныя – "прыедзе сам Матолька, граза чынавенства!" Але, пачаўшы выступ, Антон супакоіў мясцовых – многія чыноўнікі наадварот любяць яго за пастаянныя звароты. Так што можна не ваяваць.

Справа ў тым, што выканкамам самім прасцей вырашаць праблемы і прасіць на іх вырашэнне грошай у вышэйстаячых інстанцыях, калі ў іх на руках ёсць звароты ад неабыякавых грамадзянаў. Таму, чым больш зваротаў па праблеме акажацца ў патрэбным кабінеце, тым больш шанцаў, што сярод многіх пытанняў, менавіта вашае будзе вырашацца ў першую чаргу.

Перасяленцы ў вёску закідалі Матольку пытаннямі. Як прымусіць мясцовыя ўлады адрамантаваць дарогу? Што зрабіць, каб у хаты правялі інтэрнэт? Як дамовіцца аб продажы даўно закінутай вясковай крамы? Якія стандарты па асвятленню сельскіх вуліц? Ці дазволяць узнавіць мясцовую водную сістэму?

Самае набалелае пытанне было пра дарогі, што зусім не дзіўна для правінцыі. Жыхары скардзіліся, што, нягледзячы на тое, што дзіркі ў асфальце перыядычна "латаюць", пасля дажджлівага сезону дарогу трэба занава рамантаваць. У гэтым выпадку, параіў Матолька, можна дасылаць пытанне ў Камітэт дзяржкантролю пра рацыянальнае выкарыстанне грошай. Акрамя таго можна даслаць запыт у мясцовы выканкам і пацікавіцца пра планы на рэканструкцыю дарогі на некалькі год наперад.

Карысныя нюансы ў перапісцы з чынавенствам Матолька падказаў тым, хто прыйшоў на сустрэчу. Выяўляецца, калі сабраць больш за 30 подпісаў пад зваротам, то прадстаўнікі адпаведнай структуры павінны па законе выехаць на месца, каб азнаёміцца з сітуацыяй. А калі ўжо выехалі, то хутчэй за ўсё, пачнуць варушыцца і далей. Пры гэтым, калі вы "сябруеце" з сельсаветам ці райвыканкамам, то лепш за ўсё дасылаць адзін калектыўны зварот. Інакш, калі кожны падпісант дашле свой асобны зварот, чыноўнікі будуць вымушаныя адказаць лістом кожнаму з іх. Таксама актывіст параіў не ігнараваць электронныя звароты – яны маюць такую ж законную моц, як і пісьмовыя.

Паказальна, што на пытанне госця "хто ў вашай акрузе дэпутат?" ніхто з прысутных не змог адказаць. "Пазнаёмцеся і пасябруйце з ім", - параіў Матолька. І гэта, напэўна, другая па важнасці парада пасля "пішыце звароты". Хоць у нашай краіне дэпутаты мала што вырашаюць, але пралабіяваць некаторыя пытанні змогуць.

Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda