«На вёсцы ты шмат што вырашаеш сам»

ДОСВЕД
Як беларуская татарка і дагестанскі цахур займаюцца фермерствам у беларускай вёсцы
Расказаць сябрам
Саіда 15 гадоў адпрацавала ўрачом-тэрапеўтам, Арудж зведаў працу ад грузчыка да ўладальніка свайго бізнесу. Яны сустрэліся ўжо ў сталым веку і зразумелі, што хочуць аднаго і таго ж: жыць у вёсцы, вырошчваць сваю ежу і атрымліваць задавальненне ад жыцця і працы.
Мы сустрэлі Аруджа на дварэ па дарозе да яго ў госці. Мужчына пас коз і ўважліва слухаў нешта з тэлефона. Да нас даносілася толькі манатоннае бубненне. Да хаты мы падышлі разам, там ужо чакала гаспадыня Саіда. Прытрымліваючы дзверы, Арудж паспяшаўся падзяліцца толькі што праслуханымі сусветнымі навінамі.

— Амерыканцы прыгналі сваю падводную лодку да берагоў Вялікабрытаніі.
Арудж і Саіда
Нягледзячы на тое, што Арудж з Саідай жывуць у маленькай вёсачцы, ад таго, што адбываецца ў свеце, яны не адарваныя. Дый што казаць, абстаноўка ў свеце непасрэдным чынам уплывае на абстаноўку ў доме гаспадароў.

— У нас у хаце дзве печкі, злучаныя лежаком, — комін адной печкі ўваходзіць у другую. Мы хацелі гэты ляжак прыбраць і зрабіць прамы выхад коміна ўверх. А потым пачалася вайна, — расказвае Саіда. — Мы прыкінулі, калі будзе ядзерная зіма, дык дзе ж тут прамы комін? Хай будзе ляжак, цяплей будзе. Дроваў вось яшчэ прывезлі бліжэй да хаты. Мы не тое што чакаем, калі атамную бомбу запусцяць, але цалкам выключыць гэта немагчыма.
— Ядзернай зімой ёсць шанец выжыць у вёсцы, няма шанцаў выжыць у Мінску.
Дзве печкі, злучаныя лежаком
Абмеркаваўшы ўсе самыя важныя сусветныя падзеі апошніх дзён, мы перайшлі непасрэдна да лёсаў нашых герояў.

Арудж нарадзіўся і вырас высока ў гарах у Дагестане. Ён цахур — гэта адзін з карэнных каўказскіх народаў. У свеце менш за 30 тысяч цахураў, тым не меней у іх ёсць свая мова. У Беларусі, паводле апошняга перапісу насельніцтва, усяго трое цахураў. Іх няцяжка вылічыць: гэта Арудж і яго двое сыноў. Цяпер сыны ў Польшчы, таму ў Беларусі мужчына застаўся адзіным прадстаўніком свайго народу.
Арудж
— У нашай вёсцы ў асноўным займаліся авечкагадоўляй. Зямлі ў нас не было — адны камяні, — узгадвае Арудж. — Таму, каб зрабіць агарод, даводзілася здабываць зямлю. Рыдлёўкай не пакапаеш, толькі кіркай. Прыносілі ў мяхях, насыпалі. Затым аралі валамі.
Саіда — беларуская татарка. Татары на нашай зямлі з'явіліся яшчэ ў ХІV ст. па запрашэнні князя Гедыміна для дапамогі ў барацьбе з Тэўтонскім Ордэнам. З таго часу татары збеларусізаваліся і, калі б не рэлігія Ісламу, іх зусім цяжка было б адрозніць ад рэшты беларусаў. Нават імёны і прозвішчы ў іх спрэс беларускія. Дый сама Саіда сярод сваіх — проста Святлана.
Саіда
— Калі я жыву ў Беларусі, я адчуваю сябе татаркай. А калі прыязджаю ў Татарстан, я там — стопрацэнтная беларуска.
— Ды нават мяне, калі я прыязджаю ў Дагестан, мясцовыя называюць беларусам, — смяецца Арудж.
Пры гэтым бабулю Саіды звалі Роза Самуілаўна. Яе сям'я ў пачатку ХХ ст. эмігравала ў ЗША. Шлях быў няпросты — яны нелегальна ўцякалі праз замерзшыя балоты на бок Прусіі. Адтуль адпраўляліся ў Гданьск і ўжо там сядалі на карабель. А малую Розу, якой на той момант было, мо, два гады, і яе цяжарную маці праваднікі ў апошні момант не пусцілі, маўляў, дзеці будуць плакаць, не здолеюць прайсці такі цяжкі шлях.

Бацька сямейства паабяцаў вярнуцца па жонку з дзецьмі. Але ў 1914 годзе пачалася Першая сусветная вайна, муж не прыехаў, а жонка памерла ад сухотаў, пакінуўшы Розу і немаўля сіротамі. Іх ўзяла да сябе і выгадавала татарская сям'я. Роза вырасла сапраўднай татаркай, чытала Каран, верыла ў Алаха. Выйшла замуж за сына сваёй прыёмнай сям'і. Маці была супраць гэтага і выгнала іх з хаты.
Саіда распавядае гісторыю сваёй сям'і, як прыгодніцкі раман, але кажа, што ў яе самой было «звычайнае савецкае дзяцінства». Маці была настаўніцай, бацька — дырэктарам саўгаса. Іх дом знаходзіўся на ўскрайку Ліды, за агародам пачыналіся калгасныя палі. Жанчына заўсёды хацела працаваць на зямлі і марыла паступіць у сельгасінстытут. Але бацькі напужалі вясковым побытам і адправілі яе ў медыцынскі.

— У суме я аддала працы ў медыцыне каля 15 гадоў. Працавала ўрачом-тэрапеўтам у Лідзе і Смаргоні. Але грошай гэтым у той час зарабіць было немагчыма — прыватных жа клінік не было.
— Вось, бацька выйшаў на пенсію і кажа: «Дзяўчына, давай палічым, колькі ты зарабляеш грошай за год». Селі, палічылі. Выявілася, гэта рынкавая вартасць 40 тон бульбы — ураджаю менш чым з гектара.
І Саіда з бацькам вырашылі ўзяць кавалак зямлі і зарабляць сельскай гаспадаркай.
Арудж заўсёды хацеў паехаць з роднай вёскі вучыцца. Пасля сканчэння тэхнікума па спецыяльнасці «бухгалтар-эканаміст» яму прапанавалі тры гарады для далейшага размеркавання: Масква, Караганда і Палтава.

— Я выбраў Палтаву, бо яна была найбліжэй да Дагестану.

Тры гады адвучыўся там у інстытуце. Сустрэў дзяўчыну з Бярозаўкі, што пад Лідай. Закахаўся і ажаніўся. Быў варыянт вярнуцца ў Дагестан, але Арудж падумаў, што жонцы будзе цяжка там адаптавацца да мясцовых традыцыяў, таму яны паехалі ў Беларусь. Але тут Арудж сутыкнуўся з іншай праблемай — яго нікуды не бралі на працу.
— Прычынай, вядома, была ксенафобія. У сённяшняй моладзі, дарэчы, гэтага няма. У старых жа людзях, ледзь толькі што — яна адразу вылазіць.
— Таму мяне, з вышэйшай адукацыяй, усе адшывалі. Прыйшоў у аддзел кадраў спажыўтаварыства, там цёцечка сядзела, кажа — няма ніякай працы, толькі грузчыкам. А ў мяне дзіця сямімесячнае дома, жонка. Я кажу — пайду грузчыкам. І яна адразу ў райсаюз тэлефануе. Я дзіўлюся — навошта вы тэлефануееце? Гэта самая нізкааплачваемая праца! Колькі вы мяне будзеце ганяць туды-сюды?

Урэшце, працу грузчыкам яму ўсё ж такі далі.
— Кожная раніца пачыналася з таго, што ўсе грузчыкі скідваліся па рублю на выпівон. Праз тыдзень адзін кажа: «Добра, мы зразумелі, што ты не п'еш». Для мяне ўвогуле выпіць была праблема, а з раніцы тым больш! А гэтыя хлопцы бяруць з падвала скрыню віна, зубамі адкаркоўваюць бутэльку, адпіваюць. Пакуль дойдуць да машыны, ужо тры-чатыры бутэлькі выраўняюць. Самае цікавае, што пасля гэтага яны працаваць пачыналі лепей.

Затым Аруджа заўважыў намеснік старшыні, зразумеў, што гэтая праца не для яго, і праз пару тыдняў мужчыну павысілі. Так ён стаў працаваць загадчыкам крамы.

— У яго ў працоўнай кніжцы напісана: Лідскае аблспажыўтаварыства, прыняты грузчыкам, пераведзены дырэктарам. Кар'ера пайшла ўверх! — смяецца Саіда.
Затым разваліўся Савецкі Саюз і для Аруджа насталі чаўночныя гады. Ездзіў у Расію за 6 тысяч кіламетраў, вазіў бярозаўскі крышталь. Не раз сустракаўся з рэкетам на дарогах. Неўзабаве яго запрасілі дырэктарам у камерцыйную краму.
— Пачынаў я так: я — дырэктар, адна прадавачка, чатыры скрыні піва. Праз тры гады ў мяне ўжо было тры машыны з трыма кіроўцамі, 18 прадавачак і два ахоўніка.
Але краму прадалі, і далей Арудж зарынаецца ва ўспаміны, як ледзь не трапіў у палон у Маскве.

— Паехаў з сябрам на будоўлю. Прыязджаем — ахоўнік сядзіць у міліцэйскай форме. Адчыняюцца вароты, заходзім — там сотня людзей, шмат азіятаў. Пайшлі ў падвал — вузкія сцены, драўляныя нары па баках у тры ярусы. У чым прыехаў, у тым і спіш. І два наглядчыкі сядзяць. Там яшчэ пяцёра беларусаў было. Я ў іх пытаюся: «Пацаны, вы хоць зразумелі, куды вы трапілі?» А яны адказваюць: «Мы апошнія грошы на таксі аддалі». Добра, што мы свае торбы з адзеннем пакінулі ў камерах захоўвання на вакзале і грошы на зваротную дарогу пакінулі. Наглядчык крычыць: «Вы працаваць прыехалі! Хутчэй перапрануліся і бягом на будоўлю!» Я кажу: «Нам за рэчамі трэба з'ездзіць». А нас не выпускаюць, пашпарт хочуць забраць. Тады я ім кажу: «Вы на мяне паглядзіце: першы паставы — мой. Пасля будзеце мяне выцягваць, везці мне пашпарт». Пагадзіліся, адпусцілі. Мы тут жа ў метро, на вакзал і на той жа цягнік, якім прыехалі. Пакуль у Лідзе не апынуліся, азіраліся.
Затым Аруджу прапанавалі працу шаўца. І ён пачаў чысціць набойкі.

— Я ж у Палтаве на шліфоўцы дрэва працаваў — з дуба і бука цацкі рабілі. І ў мяне на наждачных працах спрыт быў абалдзенны. Начальнік пабачыў і пытаецца: «Дзе ты гэтаму навучыўся?« А я кажу: «Я ўвогуле гэта ўпершыню раблю». І гэта вызначыла мой лёс. Знайшоў сабе падвальнае памяшканне. Пачаў працаваць на сябе. Спачатку ў мінус месяцы два-тры, пакуль кліентаў здабыў. І ў выніку гадоў 15 сапожнікам адпрацаваў.

Затым насталі часы, калі новы абутак стала купіць танней, чым рамантаваць стары. І бізнэс закрыўся.
Вёска
Усё жыццё Арудж хацеў жыць на вёсцы. І калі ён, ужо вольны чалавек, пазнаёміўся з Саідай, выявілася, што ў яе такое ж жаданне. Дзеці ў абодвух ужо выраслі, і яны вырашылі здзейсніць сваю мару.

— Мы паглядзелі аб'явы, выбралі 18 адрасоў і паехалі па чарзе па кожным. Заехалі сюды. Дзядзька Валодзя адразу выйшаў: «А што вы шукаеце?» «Дом». «Давайце пакажу». І стаў вадзіць нас па вёсцы: «Во, гэна хата прадаецца, гэна хата прадаецца».
Аруджу асабліва да спадобы прыйшліся пейзажы — хоць і маленькія, але горы. А яму як дагестанцу гэта было асабліва блізка і важна. Тым больш ужо ў Лідзе яны мелі авечак.

— Калі мы ажаніліся, у нас было 16 авечак. Але вакол Ліды сталі будаваць новы мікрараён, скарацілі нашую пашу. Ледзь не праз двор пачала ездзіць цяжкая будаўнічая тэхніка, насупраць хутка выраслі шматпавярховікі. Давялося шукаць новае месца для жыцця.
У вёску яны пераехалі ўжо з шасцюдзесяццю пяццю авечкамі, якіх хутка стала больш за сотню. Затым Саіда і Арудж падлічылі, што гадаваць авечак на мяса — выгада не вялікая, і сталі трымаць коз. Прадаваць малочную прадукцыю выявілася нашмат больш перспектыўна. Акрамя таго заняліся раслінаводствам. Вырошчваюць для сябе і на продаж клубніцы, яблыкі, вішні, арэхі, буякі і шмат рознай гародніны.
Літаральна ў дзень нашай сустрэчы ў Аруджа і Саіды з'явіліся новыя гадаванцы — чэрві. Гэтыя маленькія стварэнні пераўтвараюць арганіку ў натуральнае ўгнаенне — біягумус, ці вермікампост. Саіда спадзяецца, што да вясны чэрві размножацца настолькі, што можна будзе ўгнойваць будучы ўраджай. Для іх важна вырошчваць як мага больш чыстыя прадукты без выкарыстання шкодных угнаенняў. Карміць чэрвяў Саіда і Арудж збіраюцца перапрэлым казіным гноем. Кажуць, што з тоны гною атрымаецца 100-150 кілаграм біягумусу. Дзякуючы таму, што ён цалкам упітваецца раслінамі, уносіць яго трэба значна радзей за іншыя віды ўгнаенняў.

— Я ўжо ў засмакаванні, як будуць радыя нашыя клубнічкі — вермікампост, плюс казіная сыроватка — што можа быць лепш? — марыць Саіда. — Да таго ж біягумус прываблівае кратоў. Тыя ў сваю чаргу будуць есці лічынак хрушчоў, якія шкодзяць клубніцам.
Сельская гаспадарка — цяжкая праца, прызнаецца Саіда. Але прынамсі, ты заўсёды ведаеш, колькі табе трэба папрацаваць, каб хапіла на жыццё, на будоўлю.
— Калі працуеш на сябе, ёсць прамая залежнасць: чым больш папрацуеш, тым больш грошай заробіш.
— Умоўна, у раслінаводстве з кожнага метра квадратнага ты мусіш атрымаць адзін даляр. Адзін гектар — гэта 10 тысяч квадратных метраў. Калі ты на гэтай плошчы вырасціў прадукцыю і змог яе прадаць, то павінна хапіць і на ўсе выдаткі, і на салярку, і людзям заплаціць. У жывёлагадоўлі, вядома, усё па-іншаму. Там добра, калі выйдзеш у нуль. Але нам кайфова займацца козамі. Да таго ж гэта замкнуты цыкл: нехта павінен з'ядаць раслінныя рэшткі, нехта — даваць гной, трэба мець сваё малако, тварог, сыр, мяса, каб не залежаць ад аўталаўкі… Грошай не заробім, але з голаду не памрэм.
— Я заўсёды марыў пра такое — мець свой асобны дом, — кажа Арудж. — Выйшаў сабе, парэзаў нешта, папілаваў, пасёк — штосьці сам для сябе зрабіў.
— Жыццё на вёсцы, як жыццё ў асобнай дзяржаве. Ты тут сам сабе і цар, і ваеначальнік і памежная служба, і мытня, і падатковая. Тут ты шмат што вырашаеш.
Агулам у Аруджа і Саіды два гектары зямлі. Улічваючы свой узрост, яны паціху пераходзяць ад клубніц да яблыкаў, бо фізічна гэта нашмат прасцей. Як не дзіўна, Саіда яшчэ паспявае працаваць у калгасе. На маё пытанне «Для чаго гэта вам?», смяецца — «Не ведаю».

Сваю калгасную працу Саіда лічыць не вельмі цяжкой, даволі цікавай, якая да таго ж прыносіць нейкія грошы — «500 рублёў у месяц на дарозе не валяюцца». Жанчына працуе спецыялісткай па ідэнтыфікацыі, так бы мовіць, «скоцкім паспартыстам» — вядзе электронныя пашпарты на 2,5 тысячы галоў ската.
— Мы заводзім пашпарт на цяля, калі яно нараджаецца, запісваем там бацьку, маці, далей пазначаем з якой фермы на якую яно пераходзіць, калі пакрылі, куды на мяса здалі і г.д. Біркі губляюцца, трэба вылічыць, якая згубілася, заказаць, павесіць новую. Той яшчэ спорт — злавіць гэтую карову.

— Асноўная праблема нашых калгасаў у тым, што ў іх няма гаспадара, —разважае Саіда. — Гаспадар павінен бачыць сваю скаціну кожны дзень. Гэта вельмі адказная праца, трэба прымаць рашэнні і прымаць іх хутка. Трэба мець сувязь са сваімі гадаванцамі. Вось, мы, бывае, сядзім у хаце, п'ем чай, і тут Арудж падрываецца. Што здарылася? Каза мэкнула дзіўным голасам. Арудж бяжыць глядзець, можа, яна ў чым заблыталася. Хіба ў калгасе такое магчыма?
— Калгас — гэта тунэль, у канцы якога няма ніякага святла. Цёмная яма. Абсалютна нежыццяздольная сістэма, якая паступова развальваецца.
У маленькай вёсачцы Арудж і Саіда змаглі знайсці сваё шчасце і спакой, а таксама мірнае суіснаванне з суседзямі, нягледзячы на розны культурны бэкграўнд.

— Паводле Ісламу, суседзі — вельмі важныя людзі, іх ні ў якім разе нельга прыцясняць. Таму на праваслаўныя святы мы стараемся не кідацца ў вочы са сваёй працай. Але пры гэтым не ходзім, нікога не віншуем. А калі нам нехта скажа, напрыклад, «Хрыстос уваскрос», мы можам адказаць «Са святам», альбо проста ціха сабе прамовіць «Няма бога, акрамя адзінага бога».

Калі мы ўжо скончылі інтэрв'ю, Арудж раптам узгадаў: «Ой, у нас жа намаз!» І мы паспяшаліся развітацца, каб пакінуць гаспадароў сам-насам у гэты прыватны момант і не перашкаджаць іх малітве.
Расказаць сябрам
Перепечатка материалов DownShifter.by возможна только с письменного разрешения редакции. Подробности здесь.
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама