Вядома, было шмат і нездаровага ў тагачасным укладзе жыцця, пагаджаюцца дзяўчаты. Але ў сваёй дзейнасці яны бяруць за аснову толькі тое, што ім блізка і карысна.
— Патрыярхат, хатні гвалт — гэта поўнае трызненне, — смяецца Саша. — Гэта не пра нас, не пра нашу рэчаіснасць. У нашай вёсцы будучыні не будзе патрыярхату. Часта пасля інтэрв'ю з бабулямі ў экспедыцыях мы адчуваем вялікі сум, бо разумеем, што людзі жылі вельмі складанае жыццё. Таму ёсць гэтая карціна мінулага, але мабыць, ёсць і нейкая карціна будучыні. І яна, відаць, іншая. Гэта такая вёска, у якой людзі не будуць працаваць у полі 12 гадзін у суткі, а будуць 2 гадзіны аддаваць агароду, а астатні час фрылансіць у сваім камп'ютары.
Пры гэтым Аліна кажа, што ў іх былі думкі пра тое, што, можа, яны зашмат рамантызуюць вясковае жыццё.
— Хіпстары прыехалі ў вёску і расказваюць, як класна быць хіпстарам у вёсцы. Але потым зразумелі, што проста ў нас такі даследчы інтарэс.
Важна не адварочвацца ад гэтага, — працягвае Аня. — Мы не ўтапісты і ведаем, што не можам вылекаваць усё грамадства і пазбегнуць паўтарэння сумнага досведу. Але важна не блытаць карысць таго, што людзі рабілі, з жорсткасцю колішніх укладаў і сацыяльнымі рамкамі.