«Межань» у Чырвоным Кастрычніку сустрэў гасцей

ПАДЗЕІ
Пад Гомелем у арт-вёсцы Чырвоны Кастрычнік прайшоў традыцыйны пікнік «Межань».

Гэта ўжо другое падобнае мерапрыемства, якое праходзіць у Кастрычніку сёлета, вясной вёска прымала гасцей на плытах па «Вялікай вадзе». Гэтым разам праграма значна пашырылся, а колькасць удзельнікаў і наведвальнікаў пікніка павялічылася.

Гасцей свята чакалі майстры старажытных рамёстваў. Кожны ахвочы мог паспрабаваць сябе ў лепцы глінянага посуду як уручную, так і на ганчарным коле. А для тых, хто любіць «пагарачэй», была магчымасць праявіць свае кавальскія здольнасці пад кіраўніцтвам дасведчанага каваля. У рамеснікаў можна было купіць ужо гатовыя керамічныя талеркі, кубкі ды іншыя ганчарныя вырабы.

Насычанай выявілася дзіцячая праграма. Творчая прастора «Каўчэг» сабрала самых малых наведвальнікаў пікніка разам з бацькамі пад вялікім разлапістым дубам, каб пры дапамозе алоўкаў, нажніц і добрага настрою паглыбіцца ў чароўны свет творчасці. Да таго ж дзеці хутка засвоілі вялікія арэлі, якія ўжо сталі своеасаблівым сімвалам Чырвонага Кастрычніка.

На пікнік завіталі ўдзельнікі рэчыцага рыцарскага клубу «Тэра». Дзякуючы гэтаму, кожны ахвочы мог пастраляць з луку, патрымаць сапраўдны рыцарскі меч, прымерыць на сябе жалезную кальчугу.

Вечарам гасцей мерапрыемтсва чакаў вялікі канцэрт. Распачаў яго мазырскі дуэт «JuzzDeGround», а працягнулі гомельскія пост-рокеры з гурта «Худший друг». Начную частку праграмы адчыніў мінскі этна-спэйс праект «Dzivasil», а скончыў канцэрт пост-панк гурт «ЕнотХам». Чальцы гурту прыехалі ў Кастрычнік месяц таму, і ім так спадабалася, што яны вырашылі правесці ў арт-вёсцы ўвесь свой час да канцэрту.

Адмыслова для пікніка гаспадары вёскі пабудавалі антуражны бар «Барабар», дзе гасцей частавалі гарбатай і слодычамі.

На наступны дзень імпрэзы можна было наведаць цікавае ток-шоў на тэму сучаснага альтэрнатыўнага жыцця на вёсцы. Ладзіла ток-шоў грамадская культурная арганізацыя «Будзьма». Перад гасцямі пікніка выступалі спікеры з Беларусі і Украіны.
Арганізатар мерапрыемсва жыхар арт-вёскі Чырвоны Кастрычнік Зміцер Янкоў спадзяецца, што і надалей у вёсцы будуць праходзіць цікавыя мерапрыемствы і неўзабаве незвычайная арт-пляцоўка зноў будзе збіраць гасцей.

Расказаць сябрам
Verasen
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda