«Шчасце ў тым, каб яго не шукаць»

ДОСВЕД
Як маладая сям'я вярнулася з Піцера ў Беларусь і знайшла сваё шчасце ў старой вясковай хаце

Расказаць сябрам
Мы прыходзім да Іллі, Марыны ды іх двухгадовага сына Ціхана ў перадабедзенны час. Ад спякоты яны хаваюцца ў ценю веранды. Марына пячэ ляпёшкі ў мульціварцы і рэжа гарбуз для супу, які таксама неўзабаве адправіцца ў мульціварку.

Вёска Лоск знаходзіцца пасярэдзіне паміж Паставамі і Баранавічамі. У першых нарадзіўся Ілля, у другіх – Марына. Але лёс склаўся так, што некалькі гадоў яны жылі ў Піцеры, а сваё гняздзечка знайшлі два гады таму ў невялічкай вёсцы ў Валожынскім раёне.

"Я ніколі не адчувала сябе дома ў Расіі, – кажа Марына. – Заўсёды была там, як у гасцях. Дакладней, відавочнае адчуванне, што я там была ў гасцях, з'яўлялася, калі я прыязджала сюды. Калі свая зямля, свой дом, хоць і маленькі. І сюды хочацца ўкладаць сваю душу, добраўпарадкаваць усё. Там ты жывеш, вядома, штосьці робіш, але не аддаешся так цалкам".
Пра вясковае жыццё Ілля задумаўся яшчэ задоўга да знаёмства з Марынай: "Калісьці даўно я марыў, што ў мяне будзе сям'я, дзеці. І дзяцей абавязкова буду гадаваць у вёсцы, бо лічу, што тут для гэтага правільныя ўмовы. І вось я стаю тут, мяшаю лыжкай суп, Ціхан круціцца ля стала".
Хоць жаданне жыць на вёсцы саспела задоўга да пакупкі хаты, сам пераезд атрымаўся даволі экстрэмальным. Адбываўся ён на сёмым месяцы цяжарнасці Марыны. Рабяты купілі танненькую хатку і ў тэрміновым парадку аддзіралі шпалеры, замазвалі дзіркі, фарбавалі сцены, выразалі вокны, часткова мянялі падлогу.
Як толькі скончылі рамонт – праз тыдзень нарадзіўся Ціхан. У гэтай жа хаце, літаральна на падлозе.
"Цяпер гэта дакладна месца Ціхана, – кажа Ілля. – Раніцай у Марыны пачаліся схопкі. Мы цэлы дзень гулялі, схадзілі на купель. Уначы схопкі сталі актыўнымі. А пятай раніцы Марына крыху спужалася крыві, і мы паклікалі дасведчаную суседку".
"Я толькі паспеў сказаць ёй: "Мый рукі". І Ціхан у рукі ёй – шмяк!"
Плацэнту бацькі закапалі пад дубам. Пупавіну адрэзалі на наступны дзень і паехалі ў Валожын у лякарню, думаючы, што ім дадуць даведку, што яны нараджалі там. Але ўсё выявілася не так проста. Маладую маці паклалі ў лякарню. Пазней даказваць сваё мацярынства Марыне давялося праз суд.

"На ўсё пра ўсё пайшло некалькі месяцаў. На судзе прысутнічалі мы, суддзя, сакратар, старшыня сельсавету і сведка з нашага боку. Адтуль нас накіравалі на аналіз ДНК. У нас з Ціханам бралі кроў і сліну. Мяне здзівіла, наколькі ўсім было не тое што ўсё адно, але ніхто нас не абвінавачваў. Наадварот – усім гэта цікава.

Проста бачылі, што ў нас няма барады па калена, сукенкі па костачкі – не сектанты, адэкватныя людзі.
Усвядомлена падышлі да справы – вырашылі і ўзялі на сябе адказнасць".
Станоўчы досвед хатніх родаў даў Марыне зразумець сваё пакліканне ў жыцці.

"Нават першы час пасля пераезду у мяне былі сумневы, ці хачу я жыць у вёсцы. Былі нейкія гарадскія памкненні, што я павінна неяк рэалізоўвацца. А пасля, калі нарадзіўся сын, я зразумела, што ўсё – гэта мая галоўная рэалізацыя. Карацей, мацярынства, як выявілася, – мая тэмка. Мне зараз не хочацца пахутчэй выйсці з дэкрэту, пачаць працаваць ці яшчэ штосьці. Мне, дзякуй богу, муж дазваляе не працаваць".
Марына скончыла Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці перакладчык-рэферэнт. Але ніколі асаблівай прагі да гэтай прафесіі не адчувала.

"Я разумела, што зараз скончыцца ўнівер, і што ж я буду рабіць? Няўжо буду дома жыць з бацькамі? Яны ж мне скажуць ісці на працу. Думала: божачкі, хочацца ж у поле хадзіць зёлкі збіраць, хочацца ў хатцы жыць.
Я сябе ўяўляла ў сукенцы, з зёлкамі, з дзіцёнкам. І тут я не паспяваю апомніцца, як яно ўжо адбываецца.
Проста марыла збіраць зёлкі. А гэта не адпавядае гарадскім умовам. Гэта было настолькі нерэальна, як паляцець у космас. А селішся ў вёсцы – і само сабою прыкладаецца збор зёлак. Я зразумела, што не павінна спрабаваць чагосьці дабівацца, а рабіць тое, што падабаецца. Тады і пэўны даход з'яўляецца сам сабою".
Ілля – прафесійны цясляр. Скончыў у Беларусі вучэльню і паехаў жыць у Піцер. Там з'явіліся замовы, і жыццё ў паўночнай сталіцы Расіі завярцелася. Перад нараджэннем Ціхана вырашылі зноў пераехаць на радзіму. Шукалі для жыцця месца з гатовым асяродкам, "каб ад самоты не памерці", як кажа Ілля. Але ўсе варыянты, якія разглядалі, не пасавалі – моладзь там не жыла пастаянна. І толькі гэтае месца на Валожыншчыне прыцягнула – тут ужо стварылася суполка даўншыфтараў.
"Я спачатку пабойвалася, думала, што гэта такое класічнае родавае пасяленне з строгімі правіламі, кіраўніком", – узгадывае Марына.
"Думала, давядзецца хадзіць на сходы, штосьці пастаянна казаць, з усімі камунікаваць. Думала, усе так блізка-блізка жывуць. Але ўсё выявілася зусім не так. На справе, гэта проста прыгожае месца".

Так выйшла, што акурат Марынна і Ілля, назапасіўшы гарадскую піцерскую энэргію, сталі той сілай, якая спрабуе ажывіць пасяленне і разварушыць мясцовых жыхароў, якія маюць ужо свой размераны лад жыцця.

"Разам мы сіла, – працягвае Марына. – Але трэба, каб усе гэта разумелі і крыху пераборвалі сваю аседласць, ляноту і павольны вясковы рытм. Таму што разам можна ўсяго столькі ствараць! Але трэба прыкладаць крыху намаганняў. Калі мы прыехалі, у нас было нашмат больш імпэту: давай, тут столькі людзей, трэба штосьці рабіць! Ужо цяпер энэргія крыху гасне, я паціху прызямляюся. Але я падбадзёрваю сябе: так-так-так, нельга. Я разумею, што нельга. Таму што не так шмат тых, хто гатовы пастаянна нагадваць – давайце збярэмся, давайце вырашым, што рабіць з школай".
"Я разумею, што нельга ўгразаць толькі ў сваю будзённасць. Бо што потым? Ачуняеш – а ты ўжо стары. І ўсё жыццё ты праседзеў у агародзе".
Ілля падтрымлівае ў гэтай думцы Марыну: "Вядома, мне камфортней быць сам-насам з сабой, маёй жонкай і сынам. Мая сям'я – гэта мая зона камфорту. Але я змагаюся з сваімі жаданнямі, бо ёсць справы, якія адзін не зробіш. Тая ж альтэрнатыўная школа для нашых дзяцей. А людзі тут усе розныя – трэба дзесьці прамаўчаць, штосьці перацярпець. Трэба змагацца з гэтай вясковай пракрастынацыяй. Энэргія гасіцца, але трэба нешта рабіць".

Пасля пераезду ў Беларусь сям'ю ўсё яшчэ па інэрцыі цягнула ў Піцер. Як зарабляць на радзіме, Ілля не разумеў. А ў Расіі ўсё было зразумела і вядома. Там былі замовы на мэблю для кухняў, дзіцячых пакояў. Хапала працы і над невялікімі драўлянымі вырабамі. Таму дзве зімы запар Ілля з Марынай, а затым ужо і з Ціханам ездзілі ў Піцер на заробкі. Хаця накапіць грошай там усё адно не ўдавалася – найманае жыллё, найманая майстэрня, праезд. Марына ўзгадвае гарадское жыццё без шкадавання:

"Пачаўся дзень – і ў горадзе гэта бясконца доўгі дзень. А тут пачаўся дзень, глядзіш – ужо гадзіна, ужо абед, ужо вечар. Дзесьці пустазелле выдраць, дзесьці тое, дзесьці сёе. Таму што гэта жыццё. Гэта на прыродзе. Бліжэй да зямлі. Ты проста жывеш больш натуральна. Яно, вядома, больш хуткаплыннае. Але гэта не павінна выклікаць нейкі сум. Я не шкадую пра тое, што дзень так хутка прайшоў. Ён такі насычаны быў".

"Аднойчы я зразумела, што гэтыя пошукі месца жыцця на планеце – не ад шчаслівага жыцця, – разважае Марына. – Чым ты шчаслівейшы, тым ты больш усведамляеш, што табе добра быць, дзе б ты ні знаходзіўся.
І калі я супакоілася, я зразумела, што шчасце ў тым, каб яго не шукаць.

Ды і бачу, як дзіцяці тут добра. Такое шчаслівае дзяцінства".

Гэтай зімою Ілля, Марына і Ціхан ужо не паедуць у Піцер. У планах на будучыню – нарадзіць яшчэ дзіця, пабудаваць саманную хату і усё ж зладзіць з мясцовымі жыхарамі альтэрнатыўную школу для дзяцей.

Перад развітаннем шчаслівая тройка вядзе нас у святую купель. Акунаюцца ўсе – у тым ліку і малы Ціхан. Мы, абноўленыя, ужо не адчуваем спёкі і вяртаемся дадому свежымі і поўнымі цёплых успамінаў пра сустрэчу.
Расказаць сябрам
Аўгіня Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda