Самае набалелае пытанне было пра дарогі, што зусім не дзіўна для правінцыі. Жыхары скардзіліся, што, нягледзячы на тое, што дзіркі ў асфальце перыядычна "латаюць", пасля дажджлівага сезону дарогу трэба занава рамантаваць. У гэтым выпадку, параіў Матолька, можна дасылаць пытанне ў Камітэт дзяржкантролю пра рацыянальнае выкарыстанне грошай. Акрамя таго можна даслаць запыт у мясцовы выканкам і пацікавіцца пра планы на рэканструкцыю дарогі на некалькі год наперад.
Карысныя нюансы ў перапісцы з чынавенствам Матолька падказаў тым, хто прыйшоў на сустрэчу. Выяўляецца, калі сабраць больш за 30 подпісаў пад зваротам, то прадстаўнікі адпаведнай структуры павінны па законе выехаць на месца, каб азнаёміцца з сітуацыяй. А калі ўжо выехалі, то хутчэй за ўсё, пачнуць варушыцца і далей. Пры гэтым, калі вы "сябруеце" з сельсаветам ці райвыканкамам, то лепш за ўсё дасылаць адзін калектыўны зварот. Інакш, калі кожны падпісант дашле свой асобны зварот, чыноўнікі будуць вымушаныя адказаць лістом кожнаму з іх. Таксама актывіст параіў не ігнараваць электронныя звароты – яны маюць такую ж законную моц, як і пісьмовыя.
Паказальна, што на пытанне госця "хто ў вашай акрузе дэпутат?" ніхто з прысутных не змог адказаць. "Пазнаёмцеся і пасябруйце з ім", - параіў Матолька. І гэта, напэўна, другая па важнасці парада пасля "пішыце звароты". Хоць у нашай краіне дэпутаты мала што вырашаюць, але пралабіяваць некаторыя пытанні змогуць.