Фестываль як спосаб умацавання супольнасці

ПАДЗЕІ
Як мы выпрабоўваем сябе, каб не загразнуць у вясковых клопатах

Мы жывем у вёсцы ўжо 6 гадоў. Маляўнічыя краявіды Кашчэлічаў, Лохаўшчыны і Лоска сабралі не адзін дзясятак маладых людзей з усёй Беларусі. Раскошныя адлегласці паміж хатамі дазваляюць былым гараджанам не бачыць адно аднаго тыднямі, а тое і месяцамі. Кожны занураецца ў свой побыт і забывае, што побач жывуць суседзі. І каб зусім пра гэта не забыць, а таксама выпрабаваць свае арганізацыйныя здольнасці, вырвацца з вясковай будзённасці, мы вырашылі раз на год ладзіць фестывалі для саміх сябе і для вузкага кола сяброў. Так тры гады таму нарадзіўся фэст "На лузе". Сёлета да яго арганізацыі далучыўся і DownShifter.by.
Фота Франака Вячоркі
Нам хацелася не проста патусіць з сябрамі, а зрабіць штосьці карыснае для наваколля. Таму вырашылі штогод разам з гасцямі фестывалю прыбіраць ад смецця вясковыя вуліцы, мясцовыя азёры ды лясы.

І хоць мы не хочам рабіць маштабны фэст, пакінуць яго зусім камерным сёлета не ўдалося. Усяго сабралася каля 80 чалавек. Ідэя была такая, каб не ладзіць фэст толькі на адной пляцоўцы, як гэта звычайна робіцца, а даць гасцям магчымасць пабыць на сядзібе кожнага датычнага мясцовага даўншыфтара. Таму ўсю праграму мы падзялілі на некалькі лакацыяў, якія раскінуліся на тры кіламетры.
Фота Алеся Залеўскага
Выраб і запуск паветраных цмокаў адбываўся на адным падворку, канцэрт і дыскатэка – на другім, аўкцыён і спартовыя забавы – на трэцім. У кагосьці ля хаты была арганізаваная сталоўка, а хтосьці выдзеліў свой участак пад занятак ёгай ці правядзенне чайнай цырымоніі. Так кожны з нас змог унесці свой уклад у арганізацыю фестываля, а госці змаглі атрымаць асалоду ад мясцовых краявідаў. Да таго ж, каб гэтую асалоду можна было адчуць яшчэ мацней, на фэсце была арганізаваная праца экалагічнага таксі – конь, запрэжаны ў калёсы. Так краявіды праплывалі павольней, чым з акна аўтамабіля.

Прыемным сюрпрызам не толькі для гасцей, але і для арганізатараў стала ініцыятыва мясцовых жыхароў. Баба Марыя Лабэцкая з Кашчэлічаў падпільнавала ля свайго дома конна-чалавечую працэсію і зладзіла цэлую інтарактыўную выставу саматканых пакрывалаў уласнай вытворчасці, а таксама паказала ўсім прысутным, як яна дагэтуль прадзе кудзелю на калаўроце. А яе суседзі Саіда і Арудж падрыхтавалі дэгустацыйны стол, на якім можна было пакаштаваць казіны сыр ды іншыя прысмакі з падворка гаспадароў. Таксама ахвочыя змаглі пакарміць ягня з бутэлечкі.
Фестываль штораз парушае нашую размераную будзённасць, прымушае мабілізавацца і што казаць – прыносіць крыху стрэсу ў спакойнае жыццё. Але пасля мы адчуваем задавальненне і перапоўненасць станоўчымі эмоцыямі. Мы адчуваем сябе сапраўднай супольнасцю, якая здольная рабіць штосьці разам не толькі для сябе, але для іншых і для наваколля.

Самым прыемным вынікам для мяне было, калі да канцэртнай пляцоўкі паслухаць спевы падышла найстарэйшая жыхарка Лохаўшчыны 90-гадовая баба Васіліна Валадкевіч. "Не памірае яшчэ Лохаўшчына, аджывае вёска", – сказала яна. І няхай бабуля не памыляецца.
Фота Верасня
Расказаць сябрам
Аўгіня Манцэвіч
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda