Як прынцыпы сацыякратыі ўкараняюць у Беларусі
ПАДЗЕІ
Фотарэпартаж з першага адукацыйнага экафоруму
Экапасяленцы з Аргентыны, Беларусі, Бразіліі і Украіны паўдзельнічалі ў першым адукацыйным экафоруме, які прайшоў у арт-вёсцы Чырвоны Кастрычнік Рэчыцкага раёна.

Тэмы форуму выбіраліся, зыходзячы з чатырох накірункаў устойлівага развіцця: эканоміка, экалогія, культура, сацыяльная сфера.

Удзельнікі форуму абмеркавалі досвед стварэння устойлівага экапасялення сялянамі-талстоўцамі ў СССР у 20-30 гадах ХХ стагоддзя. Падзяліліся магчымасцямі ды метадамі зладзіць альтэрнатыўную адукацыю ў пасяленні, прыцягнуць валанцёрскія рэсурсы. А таксама паразмаўлялі пра падводныя камяні ў арганізацыі пасялення ды пра сацыякратыю – спосаб арганізацыі супольнасці, пры якім рашэнні прымаюцца пры адсутнасці пярэчанняў.

У межах мерапрыемства адбыўся майстар-клас па экалагічным узаемадзеянні з прыродай і жыццю без адкідаў – удзельнікі даведаліся, якія існуюць віды пластыка, спосабы яго ўтылізацыі, чым замяніць бытавую хімію, як адмовіцца ад аднаразовых падгузнікаў, пракладак і нават фабрычнай упакоўкі.
У мясцовых жыхароў з суседніх вёсак была магчымасць папрысутнічаць на лекцыі пра сацыяльнае прадпрымальніцтва ў сельскай мясцовасці. Сваім досведам таксама падзялілася бразільская сям'я – Пэдра Кастра, Паўла Жункейра ды іх шасцігадовы сын Жоакім тры з паловай гады падарожнічаюць па свеце, вывучаючы досвед паспяховых экапасяленняў. Як вынік – Жоакім свабодна гаворыць на трох мовах: партугальскай, ангельскай і французскай.
Акрамя таго на фэсце былі праведзеныя майстар-класы па ганчарстве, мылаварэнню, рабоце з дрэвам, выпяканню хлеба, маляванню на тканіне ды вырабу цацак. І да ўсяго іншага можна было пакаштаваць ежу з бразільскай, аргентынскай, украінскай ды беларускай кухні.
Другі адукацыйны экафорум у Чырвоным Кастрычніку чакаецца наступнай вясной. На ім удзельнікі працягнуць вывучаць досвед сусветных экапасяленняў і ўкараняць яго ў Беларусі. Вывучаць прынцыпы пермакультуры, сацыякратыі і негвалтоўнай камунікацыі, вырашэнні канфліктаў. Таксама плануецца практыка па экабудаўніцтву.
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda