Як стварыць паспяховую супольнасць?

ПАДЗЕІ
У Беларусі пройдзе першы міжнародны экаадукацыйны форум

Не апошняе месца пры выбары месцажыхарства займаюць суседзі. Як арганізаваць жыццяздольную супольнасць? Якія падводныя камяні можна сустрэць пры стварэнні пасялення? Як разам прымаць рашэнні? Што значаць негвалтоўныя зносіны? Як супольна правесці івэнт? Якія магчымасці ёсць для навучання дзяцей у пасяленні? Адказы на гэтыя экстрэмальна-важныя пытанні можна будзе пачуць з 31 жніўня па 9 верасня ў вёсцы Чырвоны Кастрычнік Рэчыцкага раёна.

Грамадская ініцыятыва "Зялёнае племя", якая аб'ядноўвае даўншыфтараў з шматгадовым досведам, вырашыла падзяліцца сваімі ведамі, а таксама прыцягнуць да ўдзелу ў форуме жыхароў экапасяленняў іншых краінаў, каб разам вывучыць магчымасці стварэння і развіцця паспяховай супольнасці ў чатырох вымярэннях устойлівасці: экалогіі, эканоміцы, сацыяльным аспекце і культуры.

Удзельнікі і госці форуму змогіць пазнаёміцца з сістэмай функцыянавання сусветных экапасяленняў, даведаюцца пра досвед стварэння ўстойлівага экпасялення сялянамі-талстоўцамі ў СССР у 20-30 гадах ХХст. Таксама падчас імпрэзы будуць уздымацца важныя экалагічныя пытанні, напрыклад, як наладзіць узаемадзеянне з прыродай і жыць без адкідаў. Для многіх даўншыфтараў востра стаіць праблема недахопу працоўных рук. У гэтым пытанні могуць дапамагчы валанторы. Удзельнікі форуму падзеляцца досведам прыцягнення валантораў у сваю мясцовасць, а таксама раскажуць, якія існуюць рэсурсы для пошуку працоўных рук і як іх матываваць.

Акрамя дыскусійнай часткі на форуме прадугледжаная частка практычная. Госці і ўдзельнікі змогуць разам сабраць зруб і пабудаваць альтанку, падзяліцца лайфхакамі па экабудаўніцтву з прыродных і спадручных матэрыялаў з мінімальнымі фінансавымі ўкладаннямі і найноўшымі тэхналогіямі.

Таксама на форуме прадугледжаная забаўляльная частка з музычнымі вечарамі, лазняй, дзіцячай праграмай, майстар-класамі ды гульнямі.

Гэта ўнікальная для беларусаў магчымасць пазнаёміцца і паразмаўляць з людзьмі, якія раздзяляюць каштоўнасці экалагічнага ўзаемадзеяння з прыродай, з іншымі ды самім сабой. У Чырвоным Кастрычніку можна будзе пераняць досвед паспяховых сусветных пасяленняў. Чакаюцца госці з Аргентыны, Бразіліі, Гішпаніі, Літвы, Расіі, Украіны.
Як вынік форуму – у прысутных з'явіцца разуменне сучасных формаў жыцця ў сельскай мясцовасці, новыя інструменты для лідэрства, прыняцця рашэнняў, пабудовы групы і рашэння канфліктаў і, што немалаважна, – свежыя ідэі, натхненне і надзея на развіццё вёскі.

Вы можаце стаць удзельнікам (валанторам) ці прыехаць госцем на ўвесь час альбо толькі на адзін ці некалькі дзён. Для ўдзельнікаў мерапрыемства бясплатнае. У кожным разе, вам неабходна запоўніць рэгістрацыйную форму. Усе падрабязнасці ў групе імпрэзы.
Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама