Далучайцеся да самага масавага суботніку свету!

ЭКА
15 верасня на Глабальную прыборку выйдуць актывісты з 150 краінаў свету.

Сярод удзельнікаў акцыі будуць і беларусы. Актывісты руху "Зробім!" завершаць у гэты дзень свой шосты сезон прыборак. Самым масавым стаў сезон 2016 года, у якім прыняло ўдзел каля 24 тысячаў чалавек і было сабрана каля 690 м3 смецця.
Усяго ў Міжнародны рух «Let's Do It!», часткай якой з'яўляецца рух «Зробім!», уваходзіць больш за 18 мільёнаў валантораў.

Штосезон актывісты шукаюць месцы несанкцыянаваных звалак у лясах, ля рэкаў ды азёраў і пазначаюць іх на адмысловай мапе. Затым фарміруюцца каманды для прыборкі гэтых месцаў, а таксама наладжваюца сувязі з мясцовымі органамі ўлады.

15 верасня арганізатары запрашаюць валантораў у Парк імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка ў Мінску. Пасля прыборкі леса-паркавай зоны будзе арганізаваны невялікі пікнік. Зарэгістравацца на акцыю можна тут.

Да дзеі далучаюцца і вясковыя актывісты. Арт-вёска Чырвоны Кастрычнік у гэты дзень таксама запрашае неабыякавых беларусаў, каб прыбраць два гектары лесу і два кіламетры ўзбярэжжа азёраў Гута, Вір і Крапіўнае, што знаходзяцца непадалёк. Такім чынам удзельнікі не толькі ачысцяць навакольную прыроду, але і збяруць другасныя матэрыяльныя рэсурсы на пераапрацоўку. З арганізатарамі можна звязацца па тэлефонах +375297666778, +375291401671.

Упершыню акцыя Глабальнай прыборкі прайшла ў Эстоніі ў 2008 годзе. Пяцьдзясят тысячаў валантораў (а гэта 5% насельніцтва краіны) за 5 гадзінаў прыбралі 10 тысячаў тон смецця, якія адправілі на ўтылізацыю і пераапрацоўку.

Па дадзеных Міжнароднай асацыяцыі па цвёрдых адкідах (ISWA), штогод у свеце становіцца на 4 мільярды тонаў адкідаў больш, з якіх 1,6 мільярды – бытавыя адкіды. І з іх толькі 368 мільёнаў тон трапляюць на палігоны. Асататнія – на вуліцы, лясы, у акіян. Штогод у Сусветны акіян трапляе каля 8 мільёнаў тонаў смецця.

Калі ў вас не атрымліваецца далучыцца да акцыяў, арганізаваных актывістамі, унесці свой уклад у Глабальны дзень прыборкі ўсё адно можна. Дастаткова проста выйсці на двор і прыбраць смецце на бліжэйшай да вас тэрыторыі.

Расказаць сябрам
Падпішыцеся
Каб нічога не прапусціць
Чытайце таксама
Made on
Tilda